НЕЗАМЕ́ННЫЯ ТЛУ́СТЫЯ КІСЛО́ТЫ,

ненасычаныя тлустыя к-ты, неабходныя для росту і развіцця млекакормячых. Да іх адносяцца лінолевая кіслата, ліналенавая кіслата, арахідонавая кіслата, а таксама некаторыя інш. ненасычаныя тлустыя к-ты агульнай ф-лы CH3(CH2)x(CH=CHCH2)y(CH2)zCOOH (дзе x = 1,4,5,7, y = 1-6, z = 0-7), што маюць ад 18 да 24 атамаў вугляроду ў малекуле і цыс-канфігурацыю. З’яўляюцца структурнымі кампанентамі гліцэрыдаў, а таксама фосфаліпідаў, якія ўваходзяць у састаў біял. мембран; удзельнічаюць у біясінтэзе простагландзінаў. Колькасць Н.т.к. канчаткова не вызначана.

Лінолевая і α-ліналенавая к-ты не сінтэзуюцца ў жывёльных арганізмах, трапляюць у арганізм з ежай (алей, жывёльны тлушч). Арахідонавая і інш. Н.т.к. з’яўляюцца метабалітамі лінолевай і α-ліналенавай кіслот (могуць сінтэзавацца ў арганізме). Недахоп Н.т.к. выклікае дэрматыт. Патрэбнасць чалавека ў Н.т.к. каля 10 г у суткі (у пераліку на лінолевую к-ту).

т. 11, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)